Да Міжнароднага дня роднай мовы ў бібліятэчных установах ДУК…
Міжнародны дзень роднай мовы заснаваны ў 1999 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА і штогод адзначаецца 21 лютага. Галоўная яго мэта – захаванне моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрыманне нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай.
Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта.
“Не саромся, беларус,
гаманіць па-свойму — на роднай мове
бацькоў і дзядоў сваіх.
Шануй сваю мову, шануй свае песні,
свае казкі, звычаі і ўсё роднае —
гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб.
Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека,
калі сам сябе будзеш шанаваць — калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця.
А першы скарб нацыянальны-гэта родная мова».
Змітрок Бядуля
Бібліятэчныя ўстановы ДУК “Карэліцкая раённая бібліятэка” яшчэ загадзя пачалі рыхтавацца да свята. Ладзілі ў сваіх установах выставы ў нацыянальным стылі, дзе знайшлі сваё месца кнігі, выказванні класікаў беларускай літаратуры, часопісы… усё для наведвальнікаў. Далучыліся да раённай акцыі “Чытай на мове з задавальненнем” і ўжо ў суботу і нядзелю бібліятэкары прадставілі 11 відэаролікаў з Райцаўскай, Варанчанскай, Ярэміцкай, Жухавіцкай, Малюшыцкай, Турэцкай сельскіх бібліятэк (усе відэаролікі знайшлі сваё месца на Ютуб раённай бібліятэкі). Вершы і урыўкі з прозы беларускіх аўтараў услых з задавальненнем чыталі настаўнікі, работнікі клубных устаноў, спецыялісты сельскай гаспадаркі, дзеці. А ўжо менавіта 21 лютага чытачы бібліятэк напішуць агульнаадукацыйную дыктоўку і далучацца да яшчэ адной акцыі “Гаворым па-беларуску”.

