Аб бібліятэцы

ГІСТОРЫЯ КАРЭЛІЦКАЙ РАЁННАЙ БІБЛІЯТЭКІ

 Да таго, як бібліятэка пачала працаваць, у раёне дзейнічалі хаты-чытальні. На 01.08.1944 года хаты-чытальні былі ў наступных сельскіх Саветах Карэліцкага раёна: Запольскім, Ятранскім, Малюшыцкім, Дольна – Руцкім, Цырынскім, Варанчанскім, Міратыцкім, Руткавіцкім і чытальня пры Валеўскім МТС. У наступных населенных пунктах Мірскага раёна: В.Слабада (1949 г.), Жухавічы, Крышылоўшчына, Ярэмічы (1948 г.), Сімакава, Турэц  (1946 г.) і Мір.

Будынак бібліятэкі, 1944 г.

Восенню 1944 года моладзь і камсамольцы мястэчка Карэлічы пачалі збіраць ў насельніцтва кнігі, каб адкрыць у мястэчку бібліятэку. Сярод іх быў Іван Аляксандравіч Шыбут. Бібліятэка пачала дзейнічаць з 28 снежня 1944 года. Асобнага памяшкання пад бібліятэку не было і яна размяшчалася ў будынку старога Дома культуры. Менавіта з 28 снежня 1944 года на пасаду загадчыцы была прызначана Петухова (Гасціла) Надзея Канстанцінаўна. Яна працавала загадчыцай бібліятэкі да 22 лютага 1950 года, потым была пераведзена на пасаду бібліятэкара, а з 29 ліпеня 1951 года звольнілася ў сувязі з пераходам на іншую работу. У 1947 годзе ў раённай бібліятэцы стала працаваць ужо 2 бібліятэчныя работнікі. Уведзена пасада бібліятэкара. Першым бібліятэкарам з 07.11.1947 года да 22.02.1950 года была Суравец (Гарунова) Марыя Антонаўна. На той час, калі была адкрыта бібліятэка, інспектарам райана быў Старынец Мікалай Ананьевіч. Па сутнасці, ён быў першым настаўнікам бібліятэчнай справы ў раёне. Да 1950 года аддзелаў культуры не было, а былі аддзелы культасветустаноў, вобласць была Баранавіцкая і гэты  аддзел падпарадкоўваўся Баранавіцкаму абласному Савету дэпутатаў працоўных. Дзесьці з 1951 года ўстановы культуры сталі падпарадкоўвацца аддзелу культуры выканкама Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў працоўных.

З 22.02.1950 года прызначылі на пасаду загадчыка Радзеўскага Віктара (Квінцімона) Іванавіча. З 01.04.1952 года да снежня 1954 года загадчыцай раённай бібліятэкі працавала Радзеўская Анастасія Аксёнаўна. Потым часова выконвала абавязкі загадчыцы Карэліцкай дзіцячай бібліятэкі Дубіна Алімпіяда Іванаўна. А з 3 студзеня 1955 года да 7 мая 1985 года дырэктарам бібліятэкі працавала Іваноўская Вера Канстанцінаўна.

Іваноўская В.К., дырэктар бібліятэкі, 1955 г.

У 1957 годзе кніг у  бібліятэцы стала ўжо больш за 15 тысяч экзэмпляраў. Часцей сталі прыязджаць у раён беларускія пісьменнікі на сустрэчу з чытачамі. Гэта І.Шамякін, Максім Танк, Алесь Бачыла і інш. У 1960 годзе адбылася межведамасная канферэнцыя бібліятэчных работнікаў. З 1961 года пачалася весціся работа для таго, каб кніжны фонд бібліятэкі меў адкрыты доступ для ўсіх чытачоў.

За 1944-45 г.г. кніжны фонд раённай бібліятэкі складаў 500 асобнікаў. У 1955 годзе кніжны фонд складае больш за 15 тысяч экзэмпляраў. На момант цэнтралізацыі кніжны фонд складаў больш за 35 тысяч асобнікаў. За гады цэнтралізацыі ён узрос на 45% і складае каля 78 тысяч экзэмпляраў. За перыяд існавання бібліятэкай захаваны багаты, універсальны па зместу кніжны фонд. У першыя гады працы бібліятэкі яе актыўнымі чытачамі былі: Фадзеева Н., Крысік Н., Брыль С., Бельскі М., Таўчук, якія потым увайшлі ў склад Савета бібліятэкі.

На момант пачатку цэнтралізацыі бібліятэка абслугоўвала каля 3000 чытачоў, а на 01.01.2000 года ў бібліятэцы чытала каля 4000 чалавек.

З 1944 па 1974 год значна змяніўся колькасны склад работнікаў ў бібліятэцы. У 1944-47 г.г. працавала адна загадчыца бібліятэкі, у 1947 годзе была ўведзена адзінка бібліятэкара, у 1955 – загадчык перасоўнага фонду, 1957 – загадчык чытальнай залы, у 1965 годзе – загадчык абанемента. У 1974 годзе, з увядзеннем другой адзінкі бібліятэкара ў бібліятэцы стала працаваць 6 чалавек.

У 1975 годзе бібліятэка становіцца цэнтральнай, аб’яднаўшы ў цэнтралізаваную сістэму 49 бібліятэк раёна  з адзіным бібліятэчным фондам больш за 400 тысяч экзэмпляраў. Арганізаваны новыя аддзелы: методыка – бібліяграфічны (загадчык Журылава А.В.), аддзел абслугоўвання (загадчык Турок Т.І.), аддзел камплектавання і апрацоўкі (загадчык Анісім М.І.). У першыню ў штат бібліятэкі ўведзена адзінка бібліёграфа (Ефрэмава Н.С.).

За актыўную работу па цэнтралізацыі Карэліцкая раённая цэнтральная бібліятэка стала школай перадавога вопыту для бібліятэк рэспублікі па цэнтралізацыі (1975 – 1978 г.г.). Міністэрства культуры БССР падарыла аўтобус «Кубань” (шафёр Матусевіч Р.Р.) і рататар РС-А4 (аператар Бузук Н.І.). У 1982 годзе бібліятэка пачала абслугоўваць чытачоў па новаму адрасу: пл. 17 верасня, 8. Новае памяшканне, лепшыя ўмовы для працы. Бібліятэка пераўтварылася ў грамадска-культурны цэнтр для жыхароў г.п. Карэлічы.

З 07.05.1985 года дырэктарам Карэліцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, пасля выхаду на пенсію Іваноўскай В.К., стала Яфрэмава Ніна Сяргееўна. У гэтыя гады бібліятэка пачала весці вялікую пошукавую работу па гісторыі літаратуры, культуры, выяўляць знакамітых людзей Карэліччыны, складаць пра іх спісы літаратуры, пісаць сцэнарыі і праводзіць мерапрыемствы да юбілеяў знакамітых землякоў.

Бібліятэка прыняла актыўны ўдзел у святкаванні ў 1988 г. 100-гадовага юбілею братоў Логіных, ў 1991 г. – 100-годдзя з дня нараджэння М. Багдановіча, 1996 г. – 600-годдзя г.п. Мір і Карэлічы і 500-годдзя Мірскага замка, 200-годдзя з дня нраджэння Яна Чачота, 1988 г. – 200-годдзя з дня нараджэння А. Міцкевіча.

З 1986 года пры цэнтральной бібліятэцы дзейнічае літаратурнае аматарскае аб’яднанне «Крыніца”, а з 1998 года – клуб «Сустрэча”.

З кожным годам мяняецца эстэтычны выгляд цэнтральнай бібліятэкі. Кніжныя выставы дапаўняюцца элементамі нацыянальнага стылю: вырабамі народных умельцаў, карцінамі. Штогод у чытальнай зале экспануюцца работы М.С.Чачотка, М.Л. Чычкана, П.М. Капуры, М.А. Касцюкевіч, П.Л. Коршуна, а таксама вырабы ўдзельнікаў і кіраўнікоў гурткоў раённага Дома рамёстваў.

У 1993 годзе пры падтрымцы аддзела культуры і выканкама прайшлі І Карэліцкія краязнаўчыя чытанні, якія арганізавала бібліятэка. У 1994 годзе арганізаваны ІІ Карэліцкія краязнаўчыя чытанні, прысвечаныя 600 – годдзю Міра і Карэліч, ў 1996 – ІІІ Карэліцкія краязнаўчыя чытанні, прысвечаныя 200-годдзю з дня нараджэння Яна Чачота, ў 1997 годзе – ІV Міжнародныя Карэліцкія краязнаўчыя чытанні, прысвечаныя І. Дамейка, ў 1998 годзе – V Міжнародныя чытанні «Карэліцкая зямля ў часы Міцкевіча”. Вялікую дапамогу ў правядзенні краязнаўчых чытанняў аказаў Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны (старшыня Мальдзіс А.І.). Работнікі бібліятэкі (Касцюк С.А, і Яфрэмава Н.С.) падрыхтавалі да друку матэрыялы І і ІІ Карэліцкіх краязнаўчых чытанняў.

Пачынаючы з 2002 года ў цэнтральнай бібліятэцы ўведзены платныя паслугі на выдачу літаратуры (кніг і часопісаў), ксеракапірванне. У 2003 годзе платным стала карыстанне матэрыяламі публічнага цэнтра прававой інфармацыі, які створаны ў 2002 пры чытальнай зале бібліятэкі. База даных ПЦПІ штомесячна папаўняецца новымі матэрыяламі. Дзяжурства юрыстаў у ПЦПІ вядзецца ў другі аўторак кожнага месяца згодна графіка зацверджанага аддзелам культуры і райвыканкама.

Бібліятэчна-бібліяграфічнае абслугоўванне вядзецца праз комплекс бібліятэчных паслуг. Карыстальнікі фонду атрымліваюць дыферэнцыраваную дапамогу ў падборы кніг, развіваецца сістэма інфармавання, арганізацыя вольнага часу людзей рознага ўзросту, шырока прапагандуецца літаратурная спадчына, краязнаўства. Пачынаючы з 2003 года ў цэнтральнай бібліятэцы створана і папаўняецца дакументальная база даных «Народны архіў” і «Хто есць хто ў г.п. Карэлічы”.

У полі зроку работнікаў бібліятэкі знаходзіцца моладзь. Для іх ладзяцца Дні інфармацыі па пытаннях прафарыентацыі, выхаванню духоўнасці і патрыятызму, здароваму ладу жыцця. Пры чытальнай зале створаны «Сацыяльна-інфармацыйны цэнтр”, у якім акрамя паліц  аб сацыяльна-бытавой інфармацыі, органах мясцовага самакіравання, дзейнасці сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў, ёсць картатэка сэрвіснай інфармацыі, дзе размешчаны матэрыялы аб хроніцы падзей і дат у РБ, вобласці, раёне, тэлефоны кіраўнікоў раёна, дапаўняюць цэнтры картатэкі і «Дошка інфармацыі”.

Выдавецкая дзейнасць ЦБ мае мэту інфармаваць чытачоў аб розных цікавых падзеях, юбілейных датах знакамітых людзей раёна: «Спіс знакамітых людзей Карэліцкага раёна”, зборнік вершаў мясцовых паэтаў пра Карэлічы «Сэрцу мілы куток”, слоўнік «Тапонімы Міршчыны”, даведнік «Бібліятэкі ЦБС”, «Краязнаўчы каляндар на … год”, успаміны ветэранаў ВАв «Женщины Кореличчины на войне”. Бібліятэкарамі ЦБ складзена шмат сцэнарыяў масавых мерапрыемстваў да юбілейных дат: «Апостал навукі” (да 200-годдзя І.Дамейкі), «Машэраўскі след” (да 85-годдзя П.М.Машэрава), «Пачынальнік нацыянальнага адраджэння” (да 200-годдзя Я.Чачота) і інш.

Адметным для бібліятэкі стаў 2004 год. 3 лютага на пасаду дырэктара ЦБС была прызначана Арцюх Лілія Канстанцінаўна, якая нарадзілася 20 верасня 1965 года ў вёсцы Галынь Навагрудскага раёна, скончыла Мінскі інстытут культуры, а да таго ў 1984 годзе з адзнакай Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум ім.А.С.Пушкіна. На сённяшні дзень пуцёўкі ў жыццё кнігам мясцовых аўтараў дае менавіта цэнтральная бібліятэка.

З 2004 года бібліятэка пачала працаваць у аўтаматызаваным рэжыме па праграмах: «Апрацоўка” і «Аналітыка”. Стала адметным для ЦБ прыняцце рашэння Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта №621 ад 01.11.2004 г. «Аб увядзенні платных паслуг у Карэліцкай ЦБС”, згодна якога з 1 снежня 2004 года ўведзены платныя паслугі за кошт інфармацыі праз ІNTERNET па запыту чытача. Прыхільнасць чытачоў да цэнтральнай бібліятэкі застаецца нязменнай. Яе паслугамі штогод карыстаецца 3,5 тысяч чалавек — гэта 45-46% жыхароў г.п.Карэлічы і навакольных вёсак.

У 2007 годзе были набыты 3 камп’ютэра для ЦРБ, створаны мультымедыйны цэнтр. У 2008 годзе для аўтаматызацыі бібліятэчнага абслугоўвання карыстальнікаў Карэліцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі быў набыты камп’ютэр пад сервер і  праведзена лакальная сетка. Набыта праграма «Рэгістрацыя чытачоў”, «Абслугоўванне”.

 

УЗНАГАРОДЫ БІБЛІЯТЭКІ

 

1970 – Дыплом абласнога Савета прафсаюзаў Гродзенскай вобласці, упраўлення культуры «Бібліятэка выдатнай работы”.

1971 – Ганаровая Грамата Міністэрства культуры Беларускай ССР і Беларускага Рэспубліканскага Камітэта прфеіянальнага саюза работнікаў культуры – за паспяховае выкананне сацыялістычных абавязацельстваў, узятых у гонар ХХІV з’езда КПСС.

1972 – Ганаровая Грамата Упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама і абкома прафсаюза работнікаў культуры за высокія паказчыкі ў сацыялістычным спаборніцтве за 1971 год.

1973 – Дыплом Міністэрства Беларускай ССР і  Беларускага рэспубліканскага камітэта прфсаюза работнікаў культуры за дасягнутыя ў ходзе Рэспубліканскага агляду, прысвечанага 50-годдзю утварэння СССР.

1974 – Дыплом «Лепшаму працоўнаму калектыву” аддзела культуры райвыканкама ў азнаменаванне дастойнай сустрэчы 40-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, за высокі ўзровень праводзімых мерапрыемстваў на ваенна-патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення.

 

УЗНАГАРОДЫ ЦЭНТРАЛІЗАВАНАЙ СІСТЭМЫ

 

1977 – Дыплом Усесаюзнага аргкамітэта  пераможцы Усесаюзнага агляду работы бібліятэк, прысвечанага 60-годдзю Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі.

2008 —  Дыплом ІІІ ступені Упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама – пераможца абласнога конкурсу «Установа культуры года”.

 

УЗНАГАРОДЫ ЦБ КАРЭЛІЦКАЙ ЦБС

 

1978 – Ганаровая Грамата Вярхоўнага Савета БССР за дасягнутыя высокія дасягненні ў сацыялістычным спаборніцтве за дастойную сустрэчу 60-годдзя Беларускай ССР і Кампартыі Беларусі.

1978 – Ганаровая Грамата Упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама за актыўны ўдзел ва Усесаюзным аглядзе работы бібліятэк і маладзежнай чытацкай канферэнцыі «Дорогой Октября”, прысвечанай 60-годдзю Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэспублікі.

1980 – Дыплом пераможцы Усесаюзнага агляду – конкурсу работы бібліятэк, прысвечанага 110-гадавіне з дня нараджэння У.І.Леніна.

1994  – Грамата Беларускага фонду культуры – пераможца конкурсу «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

1994  – Грамата Беларускага фонду культуры (старшыня І. Чыгрынаў) удзельніку другога конкурсу БФК «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

1999 – Ганаровая Грамата Карэліцкага раеннага выканаўчага камітэта (старшыня Ў. М. Шматко) за творчую працу па абслугоўванню жыхароў кнігай, папулярызацыю бібліятэчнай справы, вялікую краязнаўчую работу і ў сувязі з 55 – годдзем з дня заснавання.

2000 – Грамата Карэліцкага раеннага выканаўчага камітэта (старшыня Шматко Ш.М.) за творчую працу па абслугоўванню жыхароў кнігай.

            2001 – Ганаровая грамата Упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама – пераможца абласнога конкурсу бібліятэк «Бібліятэка – інфармацыйны цэнтр рэгіёну”.