Таццяна Яцук: «Трэба далучацца да мудрага і прыгожага»
Родная мова. Калі чуеш яе, сэрца пачынае біцца па-асабліваму. Яна шчырая і мілагучная, і здаецца, што няма ёй роўнай у свеце. На ёй размаўлялі нашы бацькі і дзяды, і зараз паэты пішуць вершы, якія не могуць пакінуць раўнадушнымі.
Сустрэча з паэтэсай Таццянай Яцук праходзіла ў Карэліцкім маладзёжным цэнтры культуры, на якую прыйшлі вучні сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы. Настаўніца па прафесіі, па яе словах, прыехала на Карэліччыну з добрым сэрцам і змагла знайсці з дзяўчынкамі і хлопчыкамі агульную мову, заінтрыгаваць іх паэтычным словам, выклікаць цікавасць да роднай мовы. Напачатку паэтка выказала пажаданне:
— Хочацца, каб наша беларускае слова гучала, каб мы маглі паміж сабою добра гутарыць на роднай мове. Яна займае ў свеце адно з першых месцаў па напеўнасці і мілагучнасці.
Верш «Беларусі» прысвяціла роднаму краю, у якім было прызнанне: «Я табою жыву» і заклік: «Хай квітнее мая Беларусь навякі!». Для аўтаркі «Радзіма — прыстань майго сэрца».
Не мог не ўсхваляваць і верш «Ля магільніка вёсак Хатыні». Гэтая тэма сёння на вуснах беларусаў, і праз паэтычны радок паэтка імкнецца выхаваць любоў да Радзімы і яе мінулага.
Як прызналася Таццяна Яцук, у яе 15 выданняў, у асноўным гэта вершаваныя творы. На сустрэчы прагучалі назвы зборнікаў: «Споведзь чыстаму лісту», «Зоркі ў прыполе», «Случайный дождь» і іншыя. Чытаючы вершы, яна старалася весці гутарку з дзецьмі. Адчувалася, што настаўнік па прызванні, яна моцна любіць сваю справу і раіла дзецям старацца быць годнымі і прыгожымі.
Творы ў паэткі на самыя розныя тэмы. Верш «Пачулі» прысвяціла сённяшняй адданасці дзяўчынак і хлопчыкаў мабільным тэлефонам. Яна заўважыла: «Тэлефон патрэбны ў меру і трэба ўсюды паспець, але не забываць і пра кнігу. Вучыцеся думаць і разважаць — і рабіць добрыя высновы. Трэба далучацца да мудрага і прыгожага».
Таццяна Яцук нарадзілася ў вёсцы Радагошча Навагрудскага раёна і лічыць сябе свіцязянскай. Яна паведала і легенду пра Свіцязь. Напрыканцы сустрэчы пажадала вучням далучацца да беларускага слова, яго ўзнёсласці і паэтычнасці, а таксама зычыла ўсім дабра — дабро выратуе свет.