Іван Паўлавіч Мележ – знакавая постаць ў беларускай літаратуры. 8 лютага адзначаецца 105 год з дня яго нараджэння
Беларускі пісьменнік, драматург, публіцыст нарадзіўся ў 1921 годзе ў вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і.
Іван Мележ з’яўляецца аўтарам аднаго з самых значных твораў беларускай літаратуры XX стагоддзя – трылогіі «Палеская хронiка» («Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі, снежань»). У 1972 годзе Мележ стаў народным пісьменнікам БССР. Лаўрэат Ленінскай прэміі (1972, за раманы “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы”), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1976, за зборнік “Жыццёвыя клопаты”), Літаратурнай прэміі імя Я. Коласа (1962, за раман “Людзі на балоце”). Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1945 года.
Быў выдатным сынам, братам, мужам, бацькам.
Яго сэрца спынілася 9 жніўня 1976 года на 55-ым годзе жыцця. Пахаваны на Маскоўскіх могілках г. Мінска.
Імем Івана Мележа названы вуліцы ў Мінску, Брэсце, Гродне, Гомелі, Шчучыне, Дзятлаве, Івацэвічах, Кобрыне, Драгічыне, Іванаве, Пінску, Століне, Нясвіжы, Лельчыцах, Глінішчы, Хойніках, Рэчыцы, Івянцы, Смалявічах, Мазыры, в. Касцюковічы, Стараселлі. Яго імя носяць: школа ў Глінішчах, бібліятэка ў Гомелі, Мазырскі драматычны тэатр, цеплаход. У Мінску на доме, дзе жыў пісьменнік устаноўлена мемарыяльная дошка. У Глінішчах адкрыты літаратурны музей Мележа, устаноўлены бюст. У 1980 годзе з’явілася Літаратурная прэмія Саюза пісьменнікаў Беларусі імя Івана Мележа. У 2010 годзе ў Хойніках адкрыта скульптурная кампазіцыя «Людзі на балоце». У 2024 годзе Іван Мележ пасмяротна атрымаў званне ганаровага грамадзяніна Хойніцкага раёна. У 2025 годзе на алеі «Ганаровыя грамадзяне Хойніцкага раёна» устаноўлена таблічка з імем І. П. Мележа.
Алена Макарчык, намеснік дырэктара ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка»
Па матэрыялах адкрытых інтэрнэт-крыніц
