У Карэліцкай раённай бібліятэцы прайшло пасяджэнне круглага стала, прысвечанага 80-годдзю з дня ўтварэння Карэліцкага раёна
25 лістапада споўнілася 85 гадоў з дня ўтварэння Карэліцкага раёна. З нагоды важнай падзеі ў гэты дзень праведзена пасяджэнне «круглага стала», удзельнікамі якога сталі члены Карэліцкай раённай ветэранскай арганізацыі. Яе старшыня Валянціна Кошур, адкрываючы сустрэчу, паведала пра прыгажосць роднага краю, яго знакамітых людзей і тое, што карэліччане прадаўжаюць захоўваюць яго слаўныя традыцыі і прымнажаюць свой дабрабыт і Айчыны ў цэлым.
Падрабязна і змястоўна пра гісторыю Карэліччыны паведаміў жыхар райцэнтра, ветэран працы Баляслаў Карлавіч Навіцкі. На заслужаным адпачынку ён займаецца краязнаўчай працай і дзеліцца інфармацыяй з чытачамі ў раённай газеце «Полымя» і сацыяльных сетках. Інфармацыю пацвярджае гістарычнымі звесткамі з адпаведных крыніц і спасылаецца на свае ўласныя ўспаміны. Аповеды Баляслава Карлавіча атрымліваюцца змястоўнымі і цікавымі, вяртаюць у гады дзяцінства і юнацтва, прымушаюць пранікнуцца яшчэ большай любоўю да роднай старонкі. Ветэран працы робіць відэаздымкі пра карэліцкі край і ў дзень сустрэчы паказаў «Фотагісторыю Карэліч».

Удзельнікі «круглага» стала таксама аказаліся актыўнымі — яны дзяліліся сваімі ўспамінамі. Васілій Уладзіміравіч Чартко паведаў пра развіццё культуры ў тыя далёкія гады. Віталій Васільевіч Шэўка задаволены тым, што жыве сярод разумных і добрых людзей. Мікалай Кірылавіч Шаланда ўспомніў гады, калі будавалі Карэліцкую раённую бальніцу. Марыя Аляксандраўна Касцюкевіч прывяла цікавыя эпізоды са свайго дзяцінства. Валянціна Паўлаўна Марцюшава выказала словы ўдзячнасці за цёплыя ўспаміны.

На сустрэчы гучала і паэтычнае слова. Свае вершы прачыталі члены літаратурнага аб’яднання «Рэчанька» пры раённай газеце «Полымя» Марыя Уладзіміраўна Палуян і Васілій Аляксандравіч Генак. Прагучаў і верш «Карэлічы — прытулак майго сэрца» Леанілы Васільеўны Дзянькевіч, які прачытала раённы ветэранскі лідар, і радкамі паэткі выказала любоў землякоў да роднага куточка.
Добры настрой падарылі прысутным работнікі культуры. Цудоўныя песні прагучалі ў выкананні Максіма Кудзіна, Мікіты Янковіча, Алесі Рачынскай і Ірыны Бондаравай, удзельнікаў вакальнага ансамбля «Імпульс» Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.

