Аматарскія аб’яднанні для пажылых людзей працуюць пры бібліятэках раёна
Рана ці позна, але ў жыцці кожнага чалавека наступае момант, калі прыходзіцца пакідаць любімую працу з наступленнем пенсійнага ўзросту. І гэта не заўжды лёгка псіхалагічна: парушаецца прывычны рытм жыцця, з’яўляецца адчуванне незапатрабавальнасці твайго вялікага патэнцыялу, вопыту і ведаў. Але самае нялёгкае – гэта дэфіцыт зносін і сувязі. Як дапамагчы такім людзям захаваць адчуванне паўнаты жыцця? Як не страціць сваё асабістае “Я” і быць заўжды навідавоку? І што можа зрабіць для гэтага бібліятэка і бібліятэкар?
Па-першае, бібліятэкары заўжды рады, калі да іх прыходзяць чытачы “залатога” ўзросту за літаратурай, удзельнічаюць у мерапрыемствах, а яшчэ і дапамагаюць – раяць свайму суседу, сяброўцы цікавую кнігу ці часопіс, якую самі ўжо прачыталі. Па-другое, яны самі ідуць да іх, каб пагутарыць, спытаць пра здароўе, расказаць і пачуць мясцовыя навіны, прапанаваць кнігу ці што-небудзь з перыёдыкі, адным словам, зацікавіць. Але папоўніць гэты дэфіцыт могуць толькі аматарскія аб’яднанні.
На цяперашні час пры бібліятэчных установах ДУК “Карэліцкая раённая бібліятэка” працуюць 3 клубы па інтарэсах для пажылых людзей. Старажылы — гэта “Надзея” Цырынскай сельскай бібліятэкі. Назва гаворыць сама за сябе: вера, надзея ў сябе, сваю сям’ю, усё тое блізкае і роднае, што акружае. Жаночы клуб арганізаваны 6 студзеня 1999 года. Спачатку ў склад уваходзіла 18 жанчын. На вялікі жаль, за гэтыя гады многіх страцілі (зараз 10). Гэта былыя настаўнікі, работнікі культуры, сельскай гаспадаркі. Жанчыны імкнуцца быць карыснымі, быць у курсе ўсіх падзей, весці актыўны лад жыцця. Любяць кнігу, музыку, беларускія народныя песні.
Кожная сустрэча – вынік карпатлівай, падрыхтоўчай працы і, канешне, сувязі. Разам адзначаюць дзяржаўныя святы. Яны побач і ўсвяты праваслаўнага календара.
Каб заняткі былі па-сапраўднаму цікавымі і карыснымі, бібліятэкар прапануе розныя формы мерапрыемстваў: літаратурныя і музычныя салоны, дыялогі, вечары пытанняў і адказаў, фіта-бары, круглыя сталы, паэтычныя і інтэлектуальныя гадзіны. Запрашаюць на сустрэчы спецыялістаў праваахоўных органаў, надзвычайных сітуацый, медыцынскіх работнікаў, прадстаўнікоў улады. А так як жанчыны — сапраўдныя гаспадыні, яны праводзяць і кулінарныя паядынкі: гэта “пірог на ўра!”, “нарыхтоўкі на зіму”, “на лепшы рэцэпт стравы з бульбы, гародніны і садавіны”, гарбата з дамашніх зёлак (усе разам дэгустуюць, абмяркоўваюць, дзеляцца рэцэптамі). Менавіта на гэтых сустрэчах раскрываецца скрыты талент чалавека – арганізоўваюць асабістыя выставы творчых работ пад агульнай назвай “Умелыя рукі не ведаюць суму”, бо яны ж яшчэ вышываюць, плятуць розныя прыгажосці з бісеру, займаюцца фларыстыкай, выкладаюць цяпер модную алмазную мазаіку, робяць шыкоўныя сувеніры з газетнай паперы. Адна з удзельніц дык зусім піша вершы і фельетоны. Дадаю, што ў кожнай удзельніцы ёсць што паказаць, расказаць, ёсць чым ганарыцца.
Ёсць што сказаць і пра аматарскае аб’яднанне Мірскай гарпасялковай бібліятэкі “Залатыя гады”, якое прыйшло на змену клубу “Сямейнае кола” ў 2019 годзе. У аб’яднанні не толькі жанчыны, але і ёсць мужчыны – гэта мірская інтэлігенцыя: урачы, настаўнікі, работнікі культуры. Накірунак выбралі ўніверсальны, але перавагу аддаюць здароваму ладу жыцця і праваслаўным традыцыям. “Здароваму ўсё здорава”, “Таямніца гаючых траў”, “Смачныя клопаты”, “Травінка-вітамінка”, “Не проста жыць, а быць здаровым” – тэмы пасяджэнняў. На свята Спас харчуюцца свянцонымі яблыкамі, хлебам і мядком, на Вялікдзень вядуць размову пра “Велікодныя радасці”, успамінаюць 10 Біблейскіх запаведзяў, чытаюць творы праваслаўнай тэматыкі ў Дзень праваслаўнай кнігі “Кнігі мудрасці і дабра”. У Дзень маці абавязкова паслухаюць “Гісторыю Мірскай Пачаеўскай іконы” і разам абмяркуюць артыкулы з перыядычных выданняў “Новае ў перыёдыцы для пажылых”, якіх дастаткова атрымлівае бібліятэка. Пасяджэнні праходзяць не толькі ў памяшканні бібліятэкі, але і на свежым паветры.
А зараз пра аматарскае аб’яднанне “Сустрэча” Карэліцкай раённай бібліятэкі. І хаця гэта зусім маладое яшчэ аб’яднанне, яно ўжо заявіла пра сябе. У аб’яднанні — 10 жанчын ва ўзросце ад 60 да 70 гадоў. На паэтычныя сустрэчы ў абавязковым парадку запрашаюць мясцовых паэтаў, каб пачуць іх вершы і самім паказаць свае творчыя здольнасці (амаль кожная піша асабістыя вершы ці нарысы). На літаратурна-музычныя – настаўнікаў мясцовай школы мастацтваў і Дома культуры, каб разам паспяваць і паказаць сольныя здольнасці, бо кожная яшчэ тая пявуння. Амаль кожная духоўная сустрэча праходзіць разам з святаром Карэліцкай Петрапаўлаўскай царквы.
Работа аматарскіх аб’яднанняў – справа патрэбная і актуальная. Трэба бачыць, з якім задавальненнем ідуць да нас людзі “залатога” ўзросту. Мы даём ім магчымасць зразумець, што жыццё працягваецца і пасля выхаду на пенсію, дапамагаем з карысцю і радасцю правесці вольны час.
Наталля КАЗАРЭЗ, метадыст сектара маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы ДУК “Карэліцкая раённая бібліятэка”
