15 сентября — День библиотек. Об интересных проектах, книжных фондах, талантливых работниках рассказывает директор Кореличской районной библиотеки Лилия Артюх

15 верасня ў Беларусі адзначаецца Дзень бібліятэк. Дата святкавання выбрана зусім невыпадкова. Яна супадае з днём заснавання галоўнага кнігасховішча краіны – Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Сёння бібліятэка – гэта не проста месца захоўвання кніг. Дзейнасць жа бібліятэкараў шматгранная і ахоплівае розныя бакі грамадскага жыцця. У гэтым неаднаразова маглі пераканацца карэліччане, наведваючы мерапрыемствы з удзелам работнікаў раённай бібліятэкі.

Напярэдадні прафесійнага свята аб асноўных падзеях у бібліятэчнай сістэме раёна, цікавых праектах, кніжных фондах, работніках, якія прысвяцілі сваё жыццё служэнню кнізе, расказвае дырэктар Карэліцкай раённай бібліятэкі Лілія АРЦЮХ.

– Лілія Канстанцінаўна, адпрацаваўшы ў бібліятэцы шмат гадоў, Вы сталі сведкай шматлікіх перамен. Як яны адлюстраваліся на рабоце бібліятэк?

– У бібліятэчнай галіне я працую з 1984 года. Пачынала з шараговага бібліятэкара, была старэйшым, галоўным бібліятэкарам, а з 2004 года працую на пасадзе дырэктара. За гэты час бібліятэкі прайшлі некалькі этапаў станаўлення. Калісьці бібліятэчная сістэма раёна налічвала звыш сарака ўстаноў. На сённяшні дзень у Карэліцкім раёне дзейнічае 15 бібліятэк. 12 з іх працуюць у аграгарадках. У г.п. Карэлічы чытачоў у аўтаматызаваным рэжыме абслугоўваюць раённая і дзіцячая бібліятэкі, у г.п. Мір – Мірская гарпасялковая бібліятэка. З 1 студзеня 2015 года бібліятэкі раёна аб’яднаны ў дзяржаўную ўстанову культуры “Карэліцкая раённая бібліятэка”. Пры аддзеле абслугоўвання і інфармацыі Карэліцкай раённай бібліятэкі працуе бібліобус, які рухаецца па 10 распрацаваных маршрутах. Асноўная задача “бібліятэкі на колах” – абслугоўванне насельніцтва аддаленых вёсак, дзе няма стацыянарных бібліятэк. Разнапланавасць работы бібліятэчных устаноў складаецца згодна з праграмай “Культура Беларусі” і дзеючымі дзяржаўнымі галіновымі праграмамі. Да таго ж наша бібліятэка працуе па ўласнай мэтавай праграме «Край Карэліцкі мой».

– Згадзіцеся, у наш час цяжка назваць бібліятэку толькі храмам кнігі.

– Так. Бібліятэкі сёння ўяўляюць сабой сацыяльна-інфармацыйныя цэнтры, дзе можна атрымаць не толькі кнігі, але і розную інфармацыю, а таксама проста адпачыць і правесці час з карысцю. Ні адна катэгорыя карыстальнікаў не застаецца без увагі: школьнікі, моладзь, людзі сталага ўзросту. На працягу некалькіх гадоў бібліятэкі працуюць у рамках абласнога праекта «Залатая восень жыцця», дзякуючы якому ў кожнай установе наладжана работа з пажылымі людзьмі. Для іх арганізоўваем цыклы выстаў, аглядаў, праводзім шматлікія мерапрыемствы.

– Напэўна, кожная бібліятэка выкарыстоўвае ў сваёй дзейнасці розныя формы і метады.  Якія формы работы дапамагаюць прыцягваць чытачоў?

– Сёння паслугамі бібліятэк раёна карыстаецца звыш 13 тысяч чалавек, агульны ўніверсальны фонд складае 349157 выданняў. Сайт раённай бібліятэкі наведваюць віртуальныя карыстальнікі. За мінулы год колькасць віртуальных наведванняў склала звыш 19 тысяч. На сайце размешчана база дадзеных уласнай генерацыі краязнаўчай тэматыкі. Аб сваёй рабоце, навінках літаратуры, мерапрыемствах, якія праводзяцца ў бібліятэцы, мы таксама расказваем і ў сацыяльных сетках.

Штогод у бібліятэках праводзіцца больш 800 інфармацыйна-масавых мерапрыемстваў, прысвечаных знамянальным падзеям, юбілейным датам пісьменнікаў і славутых землякоў. Добра зарэкамендавалі сябе і такія формы, як “бібліятэка пад адкрытым небам”, буккросінг, квэст-гульні, літаратурныя круізы, шматлікія акцыі, флэшмобы, чэленджы, накіраваныя на папулярызацыю чытання. У летні перыяд для дзяцей рэалізуюцца гульнёвыя праграмы летняга чытання.

– Лілія Канстанцінаўна, наколькі кніжны фонд бібліятэчнай сістэмы адпавядае інтарэсам і запытам чытачоў?

– Бібліятэчны фонд – гэта інфармацыйны патэнцыял бібліятэк. Менавіта ён вызначае змест, паўнату, якасць задавальнення і развіццё інфармацыйных патрэб карыстальнікаў бібліятэк. Фонды ў асноўным папаўняюцца сацыяльна значымай літаратурай. Перавага аддаецца праверанай часам класіцы, краязнаўчым, даведачным і энцыклапедычным беларускім выданням. Штогод з раённага бюджэту выдзяляюцца  фінансавыя сродкі  на камплектаванне фондаў  новымі кнігамі і перыядычнымі выданнямі. Чытачы любяць навінкі. Зразумела, заўсёды хочацца больш новых кніг, якія ўспрымаюцца карыстальнікамі на “ўра”. Шмат кніг прыносяць самі чытачы. Калі кніга ў добрым стане, то ў яе ёсць шанс на другое жыццё ў фондзе той бібліятэкі, у якой такога выдання няма. Па меры магчымасці  абнаўляем фонды за кошт пазабюджэтных сродкаў.

– А калі ў фондзе няма неабходнай чытачу кнігі?

– У такім выпадку бібліятэкар карыстаецца межбібліятэчным абанементам, які дае магчымасць выпісаць кнігу з іншай бібліятэкі  (абласной, рэспубліканскай).

– Электронныя кнігі. Сёння гэта не рэдкасць, а даніна часу. Націснуў кнопку і чытай. Проста і зручна. Якое Ваша меркаванне на гэты конт?

– Камп’ютары, электронныя кнігі — усё гэта добра. Але ніякая тэхніка не заменіць той жывой энергіі, якая зыходзіць ад папяровага носьбіта. Да таго ж друкаваная кніга – вечная. Яна крочыць разам з намі праз стагоддзі. У той жа час мы жывём у эпоху інфармацыйных тэхналогій, і без іх нам нікуды. Адным словам, я за бібліятэку, дзе арганічна спалучаецца традыцыйнае абслугоўванне з укараненнем навейшых тэхналогій.

– Лілія Канстанцінаўна, Вашыя пажаданні калегам і чытачам напярэдадні прафесійнага свята.

– У нас вялікі і дружны калектыў. Я вельмі ўдзячна людзям, якія працуюць у бібліятэках. Заўсёды з цяплом успамінаю ветэранаў, якія сваю працоўную дзейнасць прысвяцілі бібліятэчнай справе. Напярэдадні  Дня бібліятэк хачу павіншаваць і бібліятэкараў, і чытачоў са святам кнігі і чытання і  пажадаць усім здароўя, дабрабыту і творчых дасягненняў. Часцей прыходзьце ў бібліятэку! Мы адкрыты для ўсіх!

Гутарыла Аксана ЯНУШ

Фота Іна ЛЕЙКА

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *