«Кнігу не заменіць ніякі інтэрнэт»

Кожнаму чалавеку хоць раз у жыцці задаюць пытанне, ці правільны ён зрабіў выбар у адносінах прафесіі. Адказы заўсёды розныя, адны гавораць – не, другія – што ўжо звыкліся, трэцім не падабаецца зусім, але працуюць, і зусім мала тых людзей, якія поўнасцю задаволены сваім выбарам.

Калі задаюць такое пытанне мне, з гонарам адказваю: так. Не хаваю і тое, што працую бібліятэкарам. Я люблю сваю прафесію, і як сказаў паэт: «Яна падобна на паэзію, хоць шмат будзённага ў ёй» і «яна яшчэ ў старажытнасці талент і мудрасць набыла».

Дарэчы, у той час, калі мы вучыліся кожны сваёй прафесіі, дык абсалютна не думалі, хто і колькі будзе зарабляць, пайшоўшы на свой хлеб. І мае бацькі гэтае пытанне ніколі са мной не абмяркоўвалі. Галоўнае, каб праца прыносіла задавальненне, і вельмі хацелі даць  вышэйшую адукацыю. Хоць у свой час я марыла зусім аб іншым. Вельмі хацела быць настаўнікам гісторыі. Чытала шмат, вельмі шмат і кожны тыдзень, а, бывала, і два разы на тыдзень бегала ў мясцовую бібліятэку. Ад гутарак з бібліятэкарам, ад велізарнай колькасці цікавых кніг і перавярнуўся мой погляд на будучыню. І пытанне, дзе вучыцца, адпала само па сабе. На той час толькі дзве навучальныя ўстановы мелі гэты напрамак: Мінскі інстытут культуры і Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя А. С. Пушкіна. Дык якія ж бацькі адпусцяць 16-гадовую дзяўчынку ў далёкі горад Мінск (сама я родам з Магілёўшчыны)? Толькі тэхнікум! На той час яны не ведалі яшчэ, што прыйдзе час і яны адпусцяць мяне не толькі ў Мінск, але і ў далёкія Карэлічы. Мінскі інстытут культуры я ўсё ж такі пазней скончыла.

Праз два гады пасля заканчэння тэхнікума мяне накіравалі ў Карэлічы Гродзенскай вобласці, і тата павёз мяне ў гэты далёкі пасёлак праз Гродна (ён калісьці вучыўся ў Гродне, і яму вельмі хацелася пабачыць горад). І вось з  1982 года ўжо больш за 40 гадоў працую ў Карэліцкай раённай бібліятэцы і ніколі не пашкадавала аб абранай прафесіі.

А цяпер аб калегах. Што тут гаварыць, мне пашчасціла, у нас дружны калектыў. Гэта абаяльныя, добрыя, сумленныя і сціплыя жанчыны, адданыя сваёй справе. Ёсць сярод нас і моладзь, і маладыя спецыялісты, якія прыязджаюць на першае рабочае месца. Яны ўносяць у бібліятэчную атмасферу нешта новае, цікавае, сучаснае.

А якая ж установа без кіраўніцтва? Калісьці, у далёкіх 80-х гадах, мяне на працу прымала Вера Канстанцінаўна Іваноўская. Затым была Ніна Сяргееўна Яфрэмава. І вось ужо больш за 20 гадоў працую пад кіраўніцтвам Ліліі Канстанцінаўны Арцюх. Гэта цудоўны чалавек, і яе ініцыялы гавораць самі за сябе: А – адказнасць (вялікая) за даручаную справу; Л – любоў да сваёй прафесіі і людзей, якія ў ёй працуюць; К – кампетэнтнасць ва ўсіх пытаннях.

Ідуць гады. Змяняюцца кіраўнікі і людзі, якія працуюць ва ўстанове (з далёкага 1944 года вядзе адлік наша раённая бібліятэка). Мяняецца падыход да працы, ставяцца новыя задачы, з’яўляюцца новыя формы працы.  Ёсць чым ганарыцца. З года ў год у Карэліцкай раённай бібліятэцы праходзіць Міжрэгіянальны фестываль «РRОдвижение книги. Библиотечные ступени» (у 2024 годзе ён прайшоў у пяты раз). Адбываюцца Карэліцкія краязнаўчыя чытанні (13 снежня – пятнаццатыя), якія падкрэсліваюць ўвагу да невялікіх населеных пунктаў, іх гісторыі, якая не менш значная, чым гісторыя ўсёй дзяржавы. Стала добрай традыцыяй правядзенне ў раённай бібліятэцы акцыі “Бібліяноч”, прымеркаванай да Дня бібліятэк. Ладзім пазнавальныя экскурсіі, віртуальныя гульнятэкі, тэматычныя віктарыны і квэсты. Сумесна з клубнымі работнікамі актыўна ўдзельнічаем у брэндавых мерапрыемствах, фальклорных святах, Калядных чытаннях. Пэўнае месца адводзіцца і ваенна-патрыятычным імпрэзам. А разнастайныя анлайн-гульні і крыжаванкі — гэта сапраўдныя іспыты на талент, інтэлект і кемлівасць.

Я ганаруся, што працую ў гэтай галіне і вельмі люблю сваю прафесію. Кнігу не заменіць ніякі інтэрнэт, яна – найлепшы сябра, настаўнік і дарадчык, скарбніца народнай мудрасці, да якой лёгка дакрануцца душой і рукамі, якую можна перачытваць яшчэ і яшчэ. Словам, я рада, што ў мяне прафесія – сапраўды любімая – бібліятэкар.

Наталля КАЗАРЭЗ, метадыст сектара маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *