І плыве над роднаю зямлёю песня салаўіная…

Як спяваецца ў цудоўнай песні з кінафільма “Службовы раман” у выкананні Алісы Фрэйдліх “У прыроды няма кепскага надвор’я”(менавіта хочацца дадаць, што словы напісаў Эльдар Разанаў, музыку кампазітар Андрэй Пятроў), так няма і кепскай пары года. Зіма нясе нам свае цуды, гэта пушысты, мяккі снег, шчыпучы мароз, ад якога займае дух і ад асалоды кружыцца галава…ух. Лета з ласкавым сонцам, лёгкім дожджыкам, сямікаляровай вясёлкай, араматам духмяных кветак і траў. Сваю прыгажосць мае і восень з шорахам “залатых” лісцяў пад нагамі, разнакаляровым убраннем леса, чысціні лугоў і палёў, якія ўжо аддалі чалавеку сваё багацце і цішыню. А што гаварыць ужо пра вясну? Вясна — гэта цуда з цудаў. Прабуджэнне прыроды, адраджэнне новага жыцця. А як пяюць птушкі… асабліва салавей, і на гэты раз – пра салаўіную пару. Калі ідзеш у вечары па сцяжынцы, якая ўецца паміж дрэў і кустоў, раптам чуеш, як вясеннюю цішыню парушае звонкая пранікнёная трэль “фю-фю”, “тр-тр-тр” – раздаецца яго чысты голас. Здаецца, усё наваколле спыняецца і слухае пявуна. А ён то салодка замірае ў міноры, то гучна заліваецца, і рэха паўтарае салаўіную песню. Слухаў бы ды слухаў. Я вельмі добра ведаю, што ў кожнага ёсць свая любімая справа, асабіста вясной, хтосьці захоплены агародам, сочыць як узыходзіць і расце гародніна, квітнее садавіна, хтосьці чытаннем любімых твораў, праглядам тэлеперадач, унукамі. Але пачуць салаўя павінен кожны. І як кажа паравозік з дзіцячага мультфільма “Падарожжа з Рамашкава”, хто не пачуе салаўя, той спозніцца на ўсё жыццё. Салаўiныя песнi вясною – з’ява надзвычай радасная i хвалюючая, доўгачаканая i жаданая. Тут я нiчога новага не адкрываю, гэта ўславiлi многiя паэты ў сваiх пранiкнёных вершаваных радках, такое пачуццё жыве i ў шматлiкiх песнях, якiя асаблiва глыбока кранаюць нашы сэрцы. Салавей у маi, у разгар самага зелянення, гэта радасны i аптымiстычны запеў на вясну i лета. Безумоўна, ён больш, чым любая iншая птушка, абуджае ў чалавечай душы добрыя пачуццi, і, вядома ж, незабыўныя рамантычныя гісторыі з маладосці. Бо як тонка і кранальна заўважыў паэт Сяргей Грахоўскі, “усё трымцела ў сэрцы і душы”, калі ў “заранкавай цішы” радасна зацёхкаў салавей. А цяпер крышачку пра саму птушачку. Прылятаюць яны да нас на сваю радзіму ў канцы красавiка – пачатку мая. Якраз, калi набiрае жывую сiлу вясна, і ўсё квітнее ў прыродзе. У той час салавей-гаспадар заліваецца цудоўным спевам, дзе чутны свіст, вуркатанне, няспешны тэмп, характэрны пошчак і цёхканне, салавейка-гаспадыня “нараджае” 4-6 зяленаватых ці блакітнаватых у кропельку яечак, і праз 13 дзён з’яўляюцца маленькія птушаняткі. Пасля паяўлення патомства салавей ужо не пяе, становіцца сапраўдным абаронцам свайго сямейства і забяспечвае яго ежай. Напрыканцы жніўня ўсе разам адлятаюць на зімоўку ў далёкую афрыканскую краіну, каб вясной прыляцець ізноў на радзіму і прынесці ў сваіх дзюбачках вясну, шчасце, каханне і абавязкова цудоўную песню. А я, як бібліятэкар, раю вам пазнаёміцца з цудоўным творам Змітрака Бядулі “Салавей”. Хаця аповесць не пра саму птушку, а пра каханне, твор цікавы, і яго варта прачытаць. А яшчэ перачытаць вершы Сяргея Грахоўскага і Міхася Курылы, унукам – казкі Г. К. Андэрсана, О. Уальда, В. Берастава. Ёсць і шмат песенных сюжэтаў пра салаўя. Людзі больш сталага ўзросту, напэўна, прыгадаюць і песню з кінафільма “Вуліца маладосці” на словы А. Фацьянава “У салаўіную ноч” у выкананні Ніны Пастаўнічавай. Шмат розных народных прыкмет звязана з гэтай маленькай птушачкай, складзены паданні і прытчы, паэты ўспявалі ў сваіх лірычных творах – трэлі салаўя. Прыходзьце ў бібліятэку ў любую пару года, і абавязкова паслухайце салаўя.

Наталля КАЗАРЭЗ, метадыст сектара маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *