Кацярына Хадасевіч-Лісавая ў раённай бібліятэцы
20 красавіка ў Карэліцкай раённай бібліятэцы адбылася цікавая, творчая сустрэча з Кацярынай Хадасевіч-Лісавой. Кацярына Хадасевіч-Лісавая сучасная беларуская пісьменніца – казачніца, якая піша для дзяцей на роднай мове, адна з самых запатрабаваных сучасных беларускіх пісьменнікаў. З 2006 года член саюза пісьменнікаў Беларусі.
Зусім нядаўна свет пабачыла новая кніга пісьменніцы «Новыя прыгоды лісачкі Красуні» – працяг неверагодных прыгод кемлівай абаяльнай лісачкі, якой пашанцавала трапіць у Дзівосны лес. На сустрэчы адбылася прэзентацыя выдання.
Кожная творчая сустрэча з пісьменнікам – гэта свята для бібліятэкі. Сустрэча з Кацярынай Хадасевіч-Лісавой – свята казкі, маленькі спектакль. Казачніца завітала ў бібліятэку з лісачкай Красуняй, іншапланетнікам Вухуцікам, Ліловым цмокам. Пазнаёміла з каралеўствам грыбной дзяржавы і яе каралём, якога з’еў лось. Расказала пра іншапланетнага хлапчука, пра Сіньку і Зялёнку. Трэба дадаць, што кожная кніжка пісьменніцы не толькі традыцыйнае чытанне, але і абавязкова загадка, якая захоўвае ў сябе квэсты, інтэрактыўныя гульні і конкурсы. А таксама магчымасць маленькім чытачам спампоўваць размалёўкі, глядзець буктрэйлеры. Усё гэта паказала і аб усім расказала дзецям пісьменніца. Маленькія чытачы ўважліва слухалі, актыўна адказвалі на пытанні, ўдзельнічалі ў віктарыне. Пераможцы віктарыны атрымалі падарункі.
Напрыканцы аўтарка фатаграфавалася з ўдзельнікамі мерапрыемста, раздавала аўтографы, а дзеці і настаўнікі дзякавалі за сустрэчу. Была магчымасць набыць літаратуру.










