Марцён Мая Уладзіміраўна

Марцён Мая Уладзіміраўна (у дзявоцтве Турайкевіч). Беларускі гісторык,  педагог, кандыдат гістарычных навук (1985 г.), дацэнт (1990 г.). нарадзілася ў вёсцы Аканавічы Карэліцкага раёна ў 1953 годзе ў сям’і настаўнікаў.

У сувязі з службовымі перамяшчэннямі бацькі мяняла школы (Карэлічы, Навагрудак, Воранава). Скончыўшы Воранаўскую СШ, вучылася на гістарычна-педагагічным факультэце Гродзенскага педінстытута (1970-75 гг.) (цяпер Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы). Потым працавала ў гэтым інстытуце лабарантам кафедры гісторыі СССР і БССР (1975-79 гг.). Тут без адрыву ад вытворчасці вучылася ў аспірантуры (1976-80 гг.). З 1979 г. выкладала на кафедры гісторыі КПСС (з 1989 г. — палітычнай гісторыі). З 1991 г. — дацэнт на кафедры ўсеагульнай гісторыі. Намеснік дэкана факультэта гісторыі і культуры (з 1995 г.). У 2006 – 2010 гг. працавала начальнікам вучэбна-метадычнага ўпраўлення, у 2010–2011 гг. – начальнікам навучальнага аддзела ГрДУ імя Янкі Купалы. На працягу 2012/2013 навучальнага года з’яўлялася намеснікам дэкана па вучэбнай працы факультэта матэматыкі і інфарматыкі. З верасня 2013 па верасень 2017 гг. – загадчык кафедры ўсеагульнай гісторыі (з 2015 г. – усеагульнай і славянскай гісторыі). З верасня 2017 г. – дацэнт кафедры ўсеагульнай і славянскай гісторыі.

Даследуе сацыяльна-культурныя працэсы ў жыцці беларускай вёскі пасляваеннага часу, сацыяльныя і культурныя працэсы ў сучаснай Беларусі, культурна-гістарычныя працэсы ў часы антычнасці і ў заходнееўрапейскім сярэдневякоўі, гісторыю культуры, гендэрную гісторыю.

Аўтар больш за 60 навуковых прац. Сааўтар кнігі «Гродна. Гістарычна-эканамічны нарыс» (1988 г, на рус. мове). Аўтар навучальна-метадычных дапаможнікаў для студэнтаў.

Мая Уладзіміраўна з’яўляецца членам Савета факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, членам навуковага семінара «Актуальныя праблемы гістарычнай навукі», членам універсітэцкай грамадскай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын».

З’яўляецца ганаровым ветэранам працы ГрДУ імя Янкі Купалы за шматгадовую бездакорную працу ва ўніверсітэце.