А ці ведаеце Вы, што… ?

Хто хоць бы раз пабываў у гасцях на Карэліцкай зямлі, абавязкова захоча наведаць зноў гэты адзін з самых прыгожых куткоў нашай роднай Беларусі. Сцены Мірскага замка перанясуць Вас у глыбокую даўніну, магутнасць Нёмана прыбавіць упэўненасці і спакою, чыстыя воды возера Свіцязь авеюць легендамі, абмыюць і амаладзяць чалавечую душу, а дабрыня і спагадлівасць людзей назаўсёды пакінуць у вашых сэрцах толькі самыя прыемныя ўспаміны.
Карэліцкі край славіцца багатым гістарычным мінулым, сваімі помнікамі і памятнымі месцамі, слаўнымі імёнамі людзей, якія звязалі свой лёс з Карэліччынай.
У межах абласнога інтэрнэт-праекта «А ці ведаеце Вы, што…?» і да 80-годдзя Карэліцкага раёна ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка» прапануе карыстальнікам пазнаёміцца з найбольш цікавымі асаблівасцямі нашай малой радзімы. Матэрыялы будуць публікавацца ў фармаце відэа.